На апошнiм этапе каменнага веку, у нэалiце, які настаў на нашых землях напрыканцы V тысячагоддзя да н.э., у жыццi першабытных насельнiкаў адбылiся важныя перамены. Пачалася так званая тэхналагiчная рэвалюцыя: чалавек авалодаў новай тэхнiкай апрацоўкi крэменю, пачаў шлiфаваць каменныя прылады працы, навучыўся вырабляць глiняны посуд i iнш. Дзякуючы гэтым дасягненням людзi сталi пераходзiць да аседлага ладу жыцця, асвойваць земляробства ды жывёлагадоўлю. Пацяпленне клiмата i пераход да iнтэнсiўных формаў гаспадарання абумовiлi хуткi рост колькасцi насельнiцтва: на абшарах Беларусi археолагi выявiлi больш за 600 пасяленняў новага каменнага веку.
У III тысячагоддзi да н.э., калi ад сфармаванай у Балкана-Карпацкiм рэгiёне iндаеўрапейскай этнамоўнай супольнасцi пачалi аддзяляцца асобныя дыялектныя групы, плямёны iнда-еўрапейцаў — далёкiх продкаў сучасных еўрапейскiх народаў — дасягнулi i Беларусi. Гэта былi носьбiты культуры шарападобных амфараў, якiя прыходзiлi праз Панямонне i басейн Дняпра. Аднак сапраўды вялiкiя этнiчныя перамены насталi толькi ў канцы III i пачатку II тысячагоддзяў, калi пачаўся перыяд бронзавага веку. Iндаеўрапейскiя плямёны вялiкай этнакультурнай групоўкi, вядомай у навуцы як культура шнуравой керамiкi, рассялiлiся па ўсёй Еўропе, ад Рэйна да Волгi. У Беларусь яны прыйшлi праз басейны Нёмана i Дняпра. Прышлыя насельнiкi ўжо карысталiся бронзавымi прыладамi працы (з чым звязаны пачатак бронзавага веку i на нашай тэрыторыi), займалiся больш прадукцыйнымi формамi гаспадарання — матычным земляробствам i жывёлагадоўляй, жылi ў наземных пабудовах слупавой канструкцыi. Выкарыстанне металiчных прылад працы зрабiла пераварот у развiццi прадукцыйных сiл. Паўсюдна адбываўся пераход да вытворчай гаспадаркi, якая павялiчвала ролю мужчынскай працы. Археалагiчныя матэрыялы з тагачасных пахаванняў сведчаць, што сярод насельнiцтва была ўжо сацыяльная няроўнасць. Жывёлагадоўля i земляробства дазвалялi людзям пакiдаць нешта ў запас, ствараць багацце. Гэта падрывала асновы мацярынскага роду i ставiла на першае месца вялiкую патрыярхальную сям'ю, праца якой была больш прадукцыйнай. Так нараджалася прыватная ўласнасць, якая пазней i пахавала першабытнае грамадства.
Значным этапам у этнiчнай гiсторыi нашай краіны стала яе засяленне iндаеўрапейскiмі плямёнамі ў II тыс. да н.э. Тэрыторыя Беларусі зрабiлася часткай прарадзiмы балтаў i славян. У яе межах найбольш даследаваны старажытнасцi сярэднедняпроўскай культуры, якая ўвасабляла тут этнакультурную групоўку iндаеўрапейцаў. Яе носьбiты доўга суiснавалi з карэнным насельнiцтвам, паступова асiмiлюючы туземцаў. У сярэдзiне II тыс. да н.э. плямёны культуры шнуравой керамiкi злiлiся з ранейшым жыхарствам Беларусi, у вынiку чаго паўстала протабалта-славянская супольнасць — сталае насельнiцтва, якое было ўжо пастаянным дэмаграфiчным фонам на тэрыторыi краю.







